КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),

становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)